БАРЫ́САЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 13—18 ст. на левым беразе р. Бярэзіна, каля сутокаў з р. Пралля. Пабудаваны ў 13 — пач. 14 ст. пасля пераносу стараж. Барысава на новае месца. Займаў пляцоўку пл. каля 2 га, абкружаную земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі, а таксама ровам. Кантраляваў суднаходны шлях з бас. Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Беларусі. У 16 ст. яго тройчы асаджалі маск. войскі (1514, 1519, 1535). У 1-й пал. 17 ст. перабудаваны ў 5-бастыённую фартэцыю, з У да яго прымыкала «падзамча», якое таксама мела лінію абароны. У 1655 замак узяты і спалены рус. войскам, але паводле загаду цара адноўлены. У 1658 двойчы пераходзіў з рук у рукі, моцна пацярпеў і рамантаваўся на працягу некалькіх гадоў. У Барысаўскім замку рус. гарнізон абараняўся з чэрв. 1661 да 9.7.1662 ад атрадаў ВКЛ С.Чарнецкага, В.Валовіча, А.Русецкага і П.Сапегі. Адноўленыя замак і падзамак былі ў добрым стане да канца 18 ст. Захаваліся равы, запоўненыя вадой.
т. 2, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)